Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Думы пра Маскву

Ясна зоры твае прамянеюць,
Поўна дум пра цябе галава.
Кожны з нас цябе маці назваў,
Мабыць, лепей ніхто не сумее, –
Нашых сэрцаў вясна і надзея,
Сонца свету – сталіца Масква!

Ярка, ярка святло тваё свеціць,
Цяжка зоры твае апісаць,
Што, як месяц чырвоны, гараць.
Шмат прыгожых ёсць месцаў на свеце,
Шмат цудоўнага можна прыкмеціць,
Толькі з чым мне цябе параўнаць?

Ты, Масква, сэрца любай Айчыны,
Маці нашым усім гарадам,
Як ты дорага, родная, нам –
Беларусу, літоўцу, грузіну,
Латышу, чувашу, армяніну –
Ўсім тваім незлічоным сынам.

У цябе нечуваная сіла,
Поступ дужы, узлёты арла,
Ты з нядолі усіх узняла,
Ты нам вочы да шчасця раскрыла,
Ты да сэрца свайго прытуліла
I ў жыццё нам дарогу дала.

Дык прымі ж ты паклон наш глыбокі,
Што спрадвечных пазбавіла бед,
Ты усіх нас вяла ў барацьбе.
Я падслухаў у сосен высокіх,
У крыніц, у блакітных аблокаў,
Як пяюць яны славу табе!

Ты магутнаю крэпасцю стала,
Калі вораг узнік прад табой,
Ты ўзнялася магутнай сцяной,
Нас адных, – не адных, гэта мала! –
Чалавецтва ты ўсё ратавала
Ад пакутнае смерці цяжкой.

Помню – восень з вялікаю золлю,
Да тваіх падышоўшы варот,
Што удаў, абкружаецца фронт…
Колькі гора было, колькі болю…
Мабыць, мы не забудзем ніколі
Той цяжкі, акрываўлены год!

Не забыць пра жахлівыя рэчы:
Мерцвякоў адубелых пласты,
Ўзарваныя хаты, масты,
I ўначы між крыві чалавечай
Падмаскоўя пажары, галечу…
Толькі ў бітве не гнулася ты.

Наш народ у сыноў сваіх верыў,
Бачыў полымя ўзбуджаных воч.
Кожны з іх быў памерці ахвоч,
Каб разбіць і прарвацца наперад,
I бацькі і сыны-піянеры
Працавалі на фронт дзень і ноч.

Узняліся з народа героі,
Сонца нашае помсты ўзышло,
Загудзела ў палях, загуло,
Вораг паў пад сталіцай Масквою.
Толькі сэрца не знала спакою –
Шмат радзімы ў палоне было.

Мы свой кут у слязах пакідалі,
Да цябе нас твой голас пазваў,
Ты усіх нас прыгрэла, Масква!
Мы ў сталіцы жылі, працавалі,
Кожны ведаў, што ў ёй існавалі
Беларусь, Украіна, Літва…

Ты, Масква, з добрай матчынай ласкай
Паказала кірунак нам свой,
Ты натхніла народы на бой,
Каб разбіць чорны зброд акупанцкі…
Прытуліла наш штаб партызанскі, –
Гаманіў ён з палоннай зямлёй.

Дзякуй, родная, шчырым клапотам!
Мы ўзнімаліся ў тыя часы.
Баявыя раслі галасы –
Праз успышкі маланак, грымоты
Адыходзілі ўноч самалёты,
Везлі зброю ў густыя лясы.

Партызаны віталі іх шчыра,
Самалёт жа, вяшчун іх жывы,
Зноў праз ночы ляцеў да Масквы,
I ў сталіцу, што ў сонечны вырай,
Ён прывозіў з бароў камандзіраў
Атрымаць там загад баявы.

Было радасна з імі спаткацца –
Ноч гамонкі, ні хвілі на сон;
Свой куток быў нам добра відзён,
Скажуць нам, што зрабілася ў хаце,
Ліст дадуць ад любімае маці
Ды звязуць на радзіму паклон.

Шмат ляжала на грудзях цяжару,
Што ў палоне ўскарміўшы нас дом,
I прастор палявы з бальшаком,
I бары, і паляны-імшары…
Колькі раз з неўміручаю марай
Мы над Нёмнам былі і Дняпром.

I былі нашы мары пачуты,
Ўзмацняўся народ з кожным днём,
Надыходзіў фашыстам разгром.
Сталінград адплаціў за пакуты –
I маскоўскае неба салюты
Асвяцілі праменным святлом.

Моцны, дужы, падобны да грому,
Мы пачулі, Масква, голас твой:
– Беларусь пад чырвонай зарой!
Разам з войскам пайшлі мы дадому,
Што на крыллях ляцелі, вядома,
Ды цяжкім быў растанак з табой.

Цяжка, цяжка было развітацца,
Шмат было па табе ў нас тугі,
Ды чакалі свае берагі,
Ты была нам як родная маці –
Любы нам твае вуліцы, пляцы,
Кожны камень нам твой дарагі!

Мы вярнуліся ў нашы мясціны,
Гарады нашы сталі радзей,
Толькі рук мы не склалі ў нудзе,
Зналі мы, што паднімем з руінаў,
Адбудуем, уславім краіну,
Што Масква дапаможа ў бядзе.

I Масква нам пасобіла многа,
З ёю кожны наш дзень устае,
З ёй ўзнімалі мы нівы свае.
I калі па шляхах і дарогах
Прыляцела вясной перамога,
Прыгадалі мы плошчы яе.

Прыгадалі іх гул ўсхваляваны,
Чалавечага мора прыбой,
Сцягі радасці над галавой,
I ў шарэнгах, што шчасцем з’яднаны,
Масквічоў і масквічак адданых,
I агні над Масквою-ракой!

Сёння нашы прасторы – бязмежжа –
Славу роднай сталіцы пяюць.
Моцна зліты вялікі Саюз!
Чулі заклік ад Спаскае вежы
I Памір і лясы Белавежы,
За радзіму ўставалі сваю.

Зноўку дзень нам узняўся шчаслівы –
Пазбыліся нядолі, жуды,
Зноў разводзім свае мы сады
I, працуючы ўпарта, маўкліва,
Засяваем шырокія нівы
Ды будуем свае гарады.

Мы працуем уважліва, дбала,
Каб народ наш ўзнімаўся і рос,
Каб не ведаў галечы і слёз,
Каб у золаце поле шаптала,
Каб увысь узляталі кварталы,
Каб шумелі бары да нябёс!

Будзь жа слаўна на вечныя годы,
Нельга сэрца ў любові стрываць,
Поўна дум пра цябе галава,
Да цябе ўсе хінуцца народы,
Што ад сэрца спяваюць заўсёды:
Слаўся, наша сталіца Масква!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Думы пра Маскву - Пятрусь Броўка