Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сумленне

Зноў плявузгаюць: “Кепска будзе.
Час няўстойлівы і благі…”
Хлусяць не багі, а людзі,
Крывадушнічаюць не багі.

I мяшчанскае гэта вар’яцтва
Горкім пылам вісіць над табой.
Паспрабуем не прытварацца:
“Што ты зробіш”, –
А рынемся ў бой.

Мы на чулых людзей багаты,
Злосці б трохі да чуласці той!
Часта гады і тарбахваты
Карыстаюцца дабратой.

Праўда веку!
Зрабі нас дужымі,
Рабства знішчыць дапамажы:
Рабства жонкі і рабства мужа,
Рабства дачаў і аўтамашын;

Рабства чаркі, паперкі, блату,
Біркі званняў і крэслы чынуш.
Мы плацілі вялікую плату
За шчаслівы наш дзень.
Дык чаму ж

З-за каня, з-за палена без гневу
Удава б’е паклоны царку?
Сярод белага дня нейкі невук
Старажытную нішчыць царкву?

Век наш любіць дакладнасць і мужнасць.
Будзь праўдзівы, бо ты камуніст.
Вось хапуга. Вось хам. Вось двурушнік.
Канцылярскі арол. Кар’ерыст.

Мяне мучаць сумленне і памяць
Аб загінуўшых.
Што ж, рызыкнём
Біць хлусню без чарговых кампаній
У другіх і ў сабе.
I з агнём.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сумленне - Пiмен Панчанка