Верш Я выбрала долю – Праўду
Я выбрала долю-Праўду.
Не грошы. Не славу.
Не сцежак крывых чараду.
А таму за сястру сваю бітую
Па жыцці, як па шклу разбітаму,
Я горда наўпрост іду.
Ненавідзяць мяне багатыя –
Бо з працы чужой жывуць.
Ненавідзяць і нішчыя. Бо вінаватыя –
Як сляпаыя, у прорву ідуць.
А мяне ж мая мама вучыла
Праўду ў вочы нідзе не казаць.
“Загінеш, дачушка. Тут д’яблава сіла.
Гэты свет пракажоны нам не ўратаваць”.
Даруй, мая мамко,
Я праўду святую
Не толькі кажу, пішу і люблю.
За яе я гібею. Яе я ратую.
Я гадзючнік цямнот сваім сэрцам палю.
Я карціны і вершы свае гарачыя
Мяняла на плошчы й дубінак сыць –
Каб сляпыя святло убачылі.
І нямыя манкурты маглі гаварыць.
Каб з людзей не рабілі зноў робатаў.
Бездухоўных рабоў. І камун.
Мала ў нас міласэрнасці вопыту.
Ды багата падману і трун…
І як промень Ярылы-сонца,
Як Ярылавыя ключы,
Знаю я:
Адгарыць маё сэрца да донца –
І зоркаю стане ўначы.
Каб заўсёды свяціць для народа.
Асвятляць золь ягоных дарог.
Бо дзе ёсць Праўда –
Там і Свабода.
І дзе ёсць Праўда –
Там ёсць і Бог.