Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш То з сяброўкаю ты, то з сястрою

То з сяброўкаю ты, то з сястрою.
Грэх на лёс свой, бадай, наракаць.
Апранай жа зялёныя строі –
Заўтра пойдзем вясну сустракаць.

Ты – прадвесніца весняга свята.
Красавіцкая сёння пара!
Не кідай жа прыёмнага брата,
Мне пасланая Богам сястра.

Ты натхняеш на рыфмы любога,
Хто тваёй дакрануўся рукі
І твайго хараства незямнога,
Што ў чатыры праменіць бакі…

То з сяброўкаю ты, то з сястрою.
Грэх на лёс свой, бадай, наракаць.
Апранай жа зялёныя строі –
Заўтра пойдзем вясну сустракаць!


Верш То з сяброўкаю ты, то з сястрою - Мікола Шабовіч