Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цябе, напэўна, мне сам Бог паслаў

Цябе, напэўна, мне сам Бог паслаў,
Каб разагнаць тугу імгненняў стылых.
Такіх радкоў я шчэ і не пісаў –
Адкрытых, жыццялюбных, вальнакрылых.

І ты радкам дарыла гэты ўзлёт
Сваёй пяшчотай, галасочкам звонкім
І расплаўляла адзіноты лёд,
Адно кранаўся рук тваіх я тонкіх.

З чым параўнаць мне дотык да шчакі
Тваіх цнатлівых матылёчкаў-вуснаў
І святасць слоў гарэзліва-п’янкіх,
Мне ад якіх і мройна і спакусна?..

О, як цябе дзівосна прытуляць
І адчуваць салодкую аскому,
Як галубкі пад блузкай буркаваць
Пачнуць. Пра што? Няведама нікому…

А хмуры дзень маланкамі крамсаў
Гадоў былых імгненні трапяткія…
Такіх радкоў, здаецца, й не пісаў
І, можа, больш ці напішу такія…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Цябе, напэўна, мне сам Бог паслаў - Мікола Шабовіч