Верш Урок, якога не было ў Бабчынскай школе
Запалі, школа, святло,
Дзверы шырака расчыні.
Урок, якога тут не было,
Я правяду ў цішыні.
I не вакольна-прыблізна
Стану тлумачыць прадмет.
Гэта не лірыка –
Фізіка! –
Тэма –
“Ядзерны свет”.
Раніца гляне ядрана
Яснасцю ў шкло.
Побач праменна ядзерна
Б’ецца бяды крыло.
Шчодрае майскае сонца
Грае зіхотна, звычна.
Дзеці, мы сёння
Вывучым стронцый практычна.
Смута, жуда пасеяна
Чорнай бядой.
Гусне ў барах яшчэ яна,
Смягне крыніц вадой.
Зорыць бацькоўскімі хатамі,
Школ нематой пустой.
Мы –
На уроку атама
З тэмай крутой.
Звонам расы і калосся,
Са студні
Вядром вады
Нам давялося
Узважыць цяжар бяды.
Сутнасцю чалавечай
Цэдзіцца боль скразны:
“Ці стане падобнай пустэчай
Шар наш зямны?”
Хто задае пытанне?
Хто дасць адказ?
Стане або не стане –
Залежыць цалкам ад нас.
Ад вашых аціхлых крокаў,
Ад сутнасці вашых урокаў.
Ад вашага сэрца і розуму –
Рукі лягуць на пульт.
Думайце самі цвяроза.
He выстыў розум пакуль.
Пакуль не ўціснулі ў схемы
Сэрца, душу “эвээмы”,
Пакуль вы яшчэ не робаты,
У ранг такі не ўзвялі, –
Бачце, што ў свеце робіцца,
Думайце, дзеці Зямлі.
Возьмеце Заўтра ў рукі,
Свет наш трывог і бодаў,
Ад якасці вашай навукі,
Ад сутнасці вашай і ведаў
Залежыць гісторыі крок…
…Апошні званок.