Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ВОЗЕРА РУДАКОВА

Паблізу ад возера Нарач
ёсць возера Рудакова,
адметнае глыбінёю, –
нырнеш – не дастанеш дна.
А жывяць яго крыніцы
няспынна сцюдзёнай вадою,
празрыстай, крыштальна чыстай:
рукой зачарпні – і пі.

Над возерам Рудакова
пасля навальніцы вясёлка
над самай вадою нізка
крутым паўстае мастом.
На лодцы праплыць паспееш
пад ёю, пакуль не згасла, –
збываецца, кажуць, жаданне,
што змог перад тым загадаць.

Змаўкаюць птушыныя спевы,
прыемнаю прахалодай
зямлю агартае вечар,
і месяц з нябёсаў глядзіць.
Ён бачыць на Беларусі
шмат рэк і прыгожых азёраў.
Ды возера Рудакова
такое на ёй – адно.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ВОЗЕРА РУДАКОВА - Мікола Кандратаў