Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калі сэрца тугой шчымела

Калі сэрца тугой шчымела,
Бо яму святла не хапала, —
Да мяне заходзіў нясмела
Летуценнік Янка Купала.

Калі я, прыгнечаны нечым,
Забываўся на ўласны голас, —
Мне расправіць прыходзіў плечы,
Па-бацькоўску, Якуб Колас.

Часам, хворы, шукаў адхлання
На мяжы небыцця і свету, —
І гучалі, як апраўданне,
Багдановічавы санеты.

А калі мне мой лёс адчайна
Пад надзеямі крэсліў рысу, —
Сустракаўся за шклянкай чаю
Я ў кавярні з Толікам Сысам.


Верш Калі сэрца тугой шчымела - Мікола Адам