Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Байка пра рыбалку

Байка пра рыбалку
Распавесці хачу байку
Пра сябра Анатоля.
Вельмі любіць ён рыбалку,
Як Андрэй з Міколам.

Здасца вольная хвілінка –
Зноў бяжыць да рэчкі.
Высах ён нібы трасцінка,
З жонкай – адны спрэчкі.

Вось папалі яны ўлетку
Аж на рэчку Тую.
Там дастаў з чужое сеткі
Рыбку залатую.

Пачала яна прасіць:
“Даражэнькі браце,
Калі зможаш адпусціць-
Дам табе багацце.
Тры жаданні загадаць
Табе дазваляю.”
“Як бы тут не прагадаць!”-
Толік разважае.

“Дом ля мора, дачу
(Можа гэта сон?)
Вольва ўпрыдачу”-
Дабаўляе ён.

Рыбка трэцца аб пясок,
Выконвае заданне.
“Вось, глядзі, тут адрасок
Трох тваіх жаданняў.”

Прачытаў Толік запіску,
“Што ж, усё як след,
Шлях туды не вельмі блізкі,
Хоць пабачу свет!”

Толік рыбку адпускае,
Настрой такі прыўзняты,
Доўга ёй услед махае,
“Хутчэй бы дахаты!”

Тут сябры яго ідуць,
Пытаюць пра ўлоў,
І бутэлечку нясуць,
Каб наладзіць клёў.

Выпівае Толік чарку,
А за ёй другую,
І закусвае шкваркай,
“Вось дык рэчка Туя!”

Пачынае кляваць носам,
Часта пазяхаць.
На пясок лажыцца, босы,
Каб крыху паспаць.

Хутка ўскаквае Толік,
Да запісачкі бяжыць.
Разагрэўшыся на волі,
Там сябрук яго ляжыць.

Падымае сябра Толік,
Глядзіць на пясок –
Там з гуркамі толькі слоік,
Сцерся адрасок!

“Жах які, прамілы Божа,
Што ж ты натварыў?
Рыбка больш не дапаможа,
Адрас я забыў!”

У рэчку ён кідаецца,
Рыбку клікаць стаў,
Сябры ўсміхаюцца,
“Мабыць, перабраў?”

Вось такая, брат, пятрушка,
І параду хачу даць:
“Ты дармовых пачастункаў
Пастарайся пазбягаць!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Байка пра рыбалку - Лявон Кравец