Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не ў цішыні палескага сяла

Не ў цішыні палескага сяла,
А ў цішыні Заходняга Берліна
Над Хафелем чырвоная каліна
Зусім па-беларуску расцвіла.

Я не здзівіўся, што ў яе была
Кара гарынская, і вершаліна,
І ягады, і кожная галіна,
І тое ж лісце, поўнае святла.

Раён як хутар. Цішыня плыла
Шматколерная, нібы хвост паўліна.
У бары італьянскім мандаліна
Адрыятычны спеў распачала…

Здалося мне? Ці памяць падвяла
Пад манастыр? О прыкрая хвіліна!
Вядома ж, не… Не камень, не цагліна –
Здагадка, нібы тонкая ігла.

На ўсё гляджу я са свайго вугла.
Даліна Хайфеля, пясок яе і гліна –
Купалаўская сумная даліна!
Так бачу я. За гэта мне хвала.

Бывай, Берлін. Хай век майго стала
Не абыходзяць піва і вяндліна…
Над Хафелем чырвоная каліна
Зусім па-беларуску расцвіла.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Не ў цішыні палескага сяла - Леанiд Дранько-Майсюк