Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш О як блажэнна

О, як блажэнна набажэнства дрэў вясновых,
узняўшых рукі ў праслаўленні да нябёс!
Яно натхняе на такія спевы-словы,
што песні-вершы працінаюць аж да слёз.

А як душу праймае птушак акапэла –
ад “Алілуя!” і “Асанна!” да “Амін!”
Яе “сon brio” спадвігае свет самлелы
на нараджэнне новых гімнаў-санацін.

І нават ветрыкі – музЫкі-менестрэлі,
хвалой хвалюючы паветраны крышталь,
зноў будзяць прагу да вясенніх акварэляў,
дагэтуль стрыманную многімі, на жаль.

І я чаруюся вясніцай-неспатоляй –
яе празрыста-яснасонечнай красой:
і сіняй выссю з філігранню чарнаголля
і клінам качак – перагнутай паласой,

І роем галак, што на кронах голых дрэваў –
як ураджай чарнюткіх ябыкаў (вясной?),
і начаканай сакавіцкаю залевай –
неапісуема разгульнаю, шальной.

О, дзякуй, Божа, за жыццё! Яго дзівосы
яшчэ здзіўляць не перасталі немаўля,
якім дагэтуль застаюся (ўсмешка лёсу?)
на балю-торжышчы пад прозвішчам “Зямля”.

Якое шчасце – прыгажосцю наталяцца!
Якое “радо” – справы Божыя ўсхваляць –
і з захапленнем фарбай-гукам пралівацца –
у вечнай праге цудаў цуд адлюстраваць…

——————-

Con brio (муз.) – з запалам

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш О як блажэнна - Lazzaro