Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лецейка

Лецейка – пяюшка і лятушка
ў вобразе жар-птушкі з неспадзевам-
толькі заспявала штось на вушка,
толькі адагрэла “калашушкі”-
як ізноўку некуды зляцела.

Лецейка – хвілінкавая хваля-
сонейка азёрнае, рачное:
ўчора толькі воды абдымалі,
летняй цеплынёю цалавалі,
сёння ж – адрынаюць у былое.

Лецейка – імгненнае агменне –
радасць невымоўная, п’янкая:
прыгаршчы сунічнага прамення –
быццам ніспасланае знаменне:
ўсё калісьці, мілыя, знікае.

Лецейка – лагоднейшыя ліўні,
летнія палівы і праполкі,
золата, сабранае у жніўні,
фота небакраю – выгляд дзіўны
з гнуткай весялухаю – вясёлкай.

Лецейка – расчуленае сэрца,
што ўсяму цудоўнаму адкрыта,
эра безумоўнага бяссмерця,
цеплы успамін, які не сцерці,
вечнага вяртання акавіта.

29.07.2014


Верш Лецейка - Lazzaro