Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хачу ўспомніць імя

Безымяннаму салдату прысвячаю

Я даўно тут забіты ляжу,
У пакутах душа мая.
Я не дыхаю і не гляджу.
Хачу ўспомніць сваё імя.

Помню матухны постаць адну-
Уся сагнутая, плечы дрыжаць.
Выпраўляе мяне на вайну.
Толькі плача, а хоча крычаць.

Помню я скрозь пажарышчаў дым
Сонца, быццам жыцця прамень!
Цяжка так паміраць маладым,
Калі зноў нараджаецца дзень!

Успамінаю апошні наш бой
І рамонкі ў пунсовай крыві.
З нас ніхто не вярнуўся дамоў,
Ну а ты, мой нашчадак, жыві!

Я хачу, каб маё імя
Ты ў зорак, у ветра спытаў,
Каб у міры жыла Зямля
І каб я ў ёй спакойна спаў.


Верш Хачу ўспомніць імя - Ірына Касянкова