Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Тартак

Лесапілка ў Замосці – асобнае штосьці!
Краявід наваколля паціху звяла.
Спілавалі лясы за бугор ягамосці,
Бо такую магчымасць улада дала.
Да суседняй дубровы даехалі справы:
Немясцовыя – валяць, тутэйшым – баліць.
Ды не знойдуць дзяды на чужынцаў управы,
Маладзейшых прасілі – тым выпіць карціць.

Вось і летась – палеглі дубы-веліканы.
Пэўна, моцныя будуць у немцаў сталы!
Пілавалі ад ранку – народ меней п’яны.
Пачалі, але ўразілі гукі пілы.

І раптоўна на майстры кашуля спацела,
Як угледзеў, з чаго завішчэла піла.
На падлогу нямецкая пуля зляцела,
Што паўвека жыла ў сарцавіне ствала.

Майстра долу асунуўся, цела здранцвела.
Валідолу піхалі, ды дзе! – Ні шыша!..
Як маланка – раптоўна і незразумела –
Адляцела на неба ці ў пекла душа…

Справа простая – людзі старыя казалі, –
Ён жа помніў з маленства да гэтага дня,
Што ягоных бацькоў ля дубоў расстралялі,
А яго, немаўля, ўратавала радня…

А назаўтра ў сасновай труне пахавалі:
Ды каб з дошак – амаль чысцяком гарбылі!
Мо тры дні апасля на памінках гулялі
І заробак дубовы – ушчэнт прапілі!..

2001

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Тартак - Георгій Ліхтаровіч