Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Эпітафія лаве

Яе няма, яна знікала
на пару з беднасцю сяла.
Яе канапа выжывала
і мода крэслаў ля стала.

Майстры знікалі, што, як шкліну,
адгабляваць маглі яе,
удала выбраўшы драўніну,
што духам лесу аддае…

З кута у кут жаўцела лава,
з парога аж да абразоў –
прамая хаціна аправа,
устойлівая без цвікоў.
На ёй давалася аддуха
буханкам з печы агнявой,
на ёй сядзела папрадуха
ды калаўрот круціла свой.
A то качалкі грукацелі –
качалі з лёну ручнікі!..

Бач, адкачалі, расхацелі,
і лава знікла на вякі…

Ды памяць не ўраклася гэбля…
Падчас сасніш на дыване
сваго найпросценькую мэблю
у роднай вёсцы Старыне…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Эпітафія лаве - Еўдакія Лось