Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цудадзейнасць

На злом галавы ўцякаць не прымусяць
краскі пасею па ўсёй Беларусі.
Зеллечка ўзыдзе тут сярод ночы,
стронцый у сэрца зялёнае ўсмокча.

Выссе зялёным раточкам атруту,
зніме распад смертаноснага бруду.
Дзетак-бязлетак яшчэ падгадуе
ды на асуджаных не засярдуе…

Мята, расходнік, чаборык ды лютнік
зніякавеюць у сонны атрутнік.
Сончык з вачэй несвядомай сіроткі
высмакча польсцый, расейсцый зіхоткі.

Янка-ды-Мар’я на сцежцы лясной
не вінавацяць віной-жаўцізной.
Чыстае зелле праз яд прарасце,
цудам малітвы смерць адвядзе.


Верш Цудадзейнасць - Данута Бічэль-Загнетава