Верш ПАЭТАЎ ПОСТСАВЕЦКІХ ШМАТГАЛОСЬСЕ
1
Рамяство вершаваньня ў чым палягае? Ў тым, што,
Быццё вострай думкай як бы абагульніўшы,
Прыпыніўшы любыя стасункі з іншымі,
Сядзіш, мастак, дэміург, прарок – і пішаш.
2
Вось я – я паэт! Паэт з асаблівымі творчымі рысамі.
На модны манер прыгандлёўваю трохі ванітамі.
Сёньня ў мастацтве дазволена многае, але ж асабіста я
Тое, што сам пішу, сам бы чытаць не вытрымаў.
3
Вось я – я таксама паэт! Штукар паэтычных рэбусаў!
Рэальнасці ўспорваю вены лязом метафізікі,
Бога нашага, што на зямлі, на небе і ў мяне пад рэбрамі,
Слаўлю! Слаўлю! Слаўлю! Словам, хварэю псыхікай.
4
Я таксама паэт! Хоць і творы складаю бязьлікія.
Бясьсільле і дурасьць свае кампенсую за кошт перайманьня.
Вышукваю ў слоўніках словы, з ужытку зьніклыя.
Запазычваю ў Бібліі тэмы, ідэі краду ў “Майн кампфе”.
5
Я таксама паэт! Па замежжах галёкаю з поўнаю торбаю
Вершаў! Заўтра ў Вільні! Пазаўтра – ў немцаў!
Нібы горкаўскі Данка, асьвятляю цемры аудыторыяў
Сваімі сьпехам зарыфмаванымі трапяткімі сэрцамі.
6
Я таксама паэт! Тонкі лірык са стылем, як неба, ясным.
У знямоглы радок пазяхаю раз-пораз духоўнасьцю.
Сарамлівая жменька какецтва, дробачка ўзнёслага патасу –
Вось і верш нарадзіўся! Здаецца, даволі дыхтоўны!
7
Я таксама паэт! Камерсант вершаванай прадукцыі –
Душэўныя песні пішу для вылучаных на Еўрабачаньне.
Далібог, канкурэнцыя жорсткая, вельмі складана прасунуцца,
таму насамперш я зрабіўся гаўном сабачым.
8
Я таксама паэт! Мадэрніст з постсавецкімі прымхамі:
Ні ў чалавецтва не веру, ні ў бога, ні ў чорта лысага,
Плюю на традыцыю, пагарджаю дакладнымі рыфмамі,
Пішу для сябе – для іншых няхай Чэрнышэўскі піша.
9
Што за такія вершаскладальнікі? Што за такія барды?
І калі мы ўсе разам урэшце пойдзем на попраўку?
Хіба гэта вершы? Не! Балбатлівыя тоўстыя бабы!
Абракадабры верлібраў, любоўнай лірыкі порхаўкі.
10
І навошта нас гэтулькі? Хтосьці чытае нас? Нават не верыцца!
Дый пісьменьніцтва – рэч далёка не прыбытковая…
Аднак канвертацыя ў баксы і еўра наркамаўкі і тарашкевіцы
Спрыяе развіцьцю непаўторнага аўтарскага гонару.