Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Родная зямля

Ты вытрымаеш, родная зямля,
Як непагадзь вытрымлівае хата.
Пазнала Ты і князя і круля,
Пазнала і гвалтоўніка і ката.

Ты вытрымаеш грукат навальніц
І тое, што з чыёй-та злой нагоды
Па жылах Тваіх лекавых крыніц
Даўно бягуць атручаныя воды.

Ты вытрымаеш спёку і мароз
І, нават калі душу рве ад здзекаў,
Ніхто з іх не убачыць Тваіх слёз,
Як і ніхто не бачыў іх ад веку.

Паўстанеш, нібы сфінкс той, з усяго.
Якую б лёс не рыхтаваў прыгоду.
Не вытрымаеш толькі аднаго –
Калі Цябе няма дзеля народу…


Верш Родная зямля - Арэк Гуздзельскі