Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Віртуальнае каханне

Ў онлайн-рэжыме я і ты
“раман пачуццяў” свой шукалі…
І я не знаў цябе, а ты…
І ты мяне зусім не знала.

У віртуальным свеце тым
надзеі, годнасць нас ядналі.
А ў небе мрояў маладым
мы, як два лебядзі, луналі.

Я самым светлым жыў, гарэў,
быў апантанным і адчайным.
А потым… крыўдаў ком і гнеў…
І стала ўсё такім звычайным.

Экран зажурана трымцеў –
то “павуціну” ціша рвала.
Я слоў зласлівых не хацеў,
а ты не лепшыя мне слала…

І віртуальныя “люблю!”
паволі зніклі ў безгалоссі.
Адчуўшы пад сабой зямлю,
мы лёгка здрадзілі нябёсам.

Зноў пацішэлыя сваім
жывём, і поўнімся тугою…
У віртуальным свеце тым
нам не аддацца ўладзе мрояў…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Віртуальнае каханне - Антон Піліпчык