Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Крыніца

Стаялі ля дарогі тры вярбы,
А каля іх струменіла крыніца.
Крыштальнае халоднае вады
Вандроўнік мог заўжды з яе напіцца.
Расказвае павер’е, што ішла
Мадонна па Палессі, смуткавала.
І на зямлі, дзе падала сляза,
Чароўная крыніца ўзнікала.
Струменіліся з гэтых пор яны,
Вадой гаючай шчодра частавалі.
Ішлі гады, праходзілі вякі,
Крыштальныя крыніцы не знікалі.
Адна з іх напаіла тры вярбы,
Пакуль прыйшлі аднойчы злыя людзі.
Скрамсалі дрэвы, а галлё тады
Па-варварску ёй кінулі на грудзі.
Прырода-маці, таго болю ты,
Знявагі і абразы не сцярпела.
Чароўны знік струменчык назаўжды.
Крыніца гэтым летам абмялела.
Ішлі гады, праходзілі вякі,
Гаючыя крыніцы не знікалі.
Шкада, што ад бязбожае рукі
Адну такую мы не ўратавалі.


Верш Крыніца - Антаніна Рыбалка