Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэма да святога іаана Кармянскага. 2. Дарога

Гэтым часам, калі
Прамінаюць палі і вёскі
(Ці на яве – ці ў сне?),
Успаміны мірскія стынуць,
Я спяшаю к Табе,
Задыхаюсь, глынаю слёзы,
Я малюся Табе,
Дарагая наша Святыня.

Сустракаеш усіх
Светлым Храмам,
Як вочы, сінім,
Чыстым Крыжам
і ў студні –
Вадой жывою.
Як нідзе,
Тут да неба, да Бога
Бліжай.
Усё жыццёвае
Застаецца па-за Кармою.

Тут слабы карабель мой
Спыніўся
І кінуў якар.
Ды не моцны ланцуг –
Зноўку хваля –
і ён парвецца…
Дай жа, Госпадзе,
Каб прайшлі без знаку
Усе буры і штормы,
У жыцці і ў сэрцы.

Ёсць прыстанкі
У хвалях быцця-акіяну.
Ратавальным агнём
На іх душы чыстыя свецяць.
…Святы праведны ойча наш Іаане,
Малі Госпада
Аб Яго непуцёвых дзецях.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паэма да святога іаана Кармянскага. 2. Дарога - Ангеліна Дабравольская