Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калядны верш

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці год.
Прадавачкам два тыдні раскошы:
мандарынкі з шампанскім – і будзе даход,
покі ў нас не закончацца грошы.

Прыляціць Мікалай у калядных санях.
Надаюць аднакласніцы бусек.
У спартзале ялінка ў святочных агнях,
а пад ёй – хто б вы думалі? Трусік.

І запаляцца свечкі, і створаць інтым,
і прыедзе ў паўночным трамваі
прыгажуня‑Снягурка, і ганьба ўсім тым,
хто казаў, што яе не бывае!

Не замерзні, глядзі! Ты і сам Дзед‑Мароз,
сіні нос для цябе не пытанне,
сівізна ў бараду, а спыніцца – не лёс.
Бачыш зорку? Загадвай жаданне!

Загадай пра сябе, як Другі Прэзідэнт,
каб бацькоў сваіх слухалі дзеткі;
каб каханкі не змерзлі на вуліцы ўшчэнт,
пад футэркам хаваючы кветкі.

Мікалай‑канспіратар, стары дысідэнт,
падарункі схаваў у шкарпэткі
і, чытаючы верш за калядны прэзент,
не зваліўся ніхто з табурэткі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Калядны верш - Андрэй Хадановіч