Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Касцюшкіны ўніверсітэты

Касцюшкіны ўніверсітэты

I
Касцюшка ў піярскім калегіюме
Пачатковую адукацыю Тадэвуш Касцюшка атрымаў у піярскім калегіюме ў Любашове (за Пінскам).
Касцюшка вучыцца ў піярскім
калегіюме ў Любашове.
З характарам ён забіяцкім,
з пчалінай шчырасцю ў вучобе.

Па матэматыцы шчыруе
і гістарычных дысцыплінах,
бо лікаў і падзей чаруе
свет у падручніках-цаглінах.

Зляцяцца дзеці ў Любашоўскі
калегіюм, як верабейкі, –
і адукацыю на ўзроўні
атрымліваюць еўрапейскім.

Злятайцеся вучыцца, дзеці,
і за вучнёўскімі сталамі
над зернеткамі кніг сядзіце,
каб з верабейкаў стаць арламі!

ІІ
Касцюшка ў кадэцкім корпусе
На ваеннага інжынера Тадэвуш Касцюшка, будучы галоўны інжынер амерыканскай арміі, вучыўся ў Варшаўскім кадэцкім корпусе.
Для хлопцаў расчыняе дзверы
кадэцкі корпус, дзе карпець ім.
Вучыцца стаў на інжынера
Касцюшка ў корпусе кадэцкім.

Устаўшы, апускае ногі
ў балею з ледзяной вадою –
таму са спаленькі-бярлогі
ідзе бадзёраю хадою.

Кадэт старанны паспявае
па картаграфіі, малюнку…
Курыць над картай палявою
ў Амерыцы Касцюшку люльку.

У Штатах, курачы над картай,
згадае інжынер Варшаву –
і будзе карта іх нагадваць
вады балею, кніжак шафу…

ІІІ
Касцюшка ў Парыжы
На свядомасць маладога Тадэвуша Касцюшкі паўплывала атмасфера перадрэвалюцыйнай Францыі.
Світала. Над сталом кульгавым
кухонным маятнік матаўся.
Запіў Тадэвуш булку кавай –
і ў Акадэмію мастацтваў.

Касцюшка ходзіць па салонах,
Вальтэра ды Русо чытае,
паклон здзяйсняе, пацалунак –
губамі рукі дам чапае.

На галаве краіны рыжым
расці пажару валасінам.
Знайшоў Тадэвуш у Парыжы
сяброў перадрэвалюцыйным.

Ды цягне з Францыі магнітам
Касцюшку родны край адзіны…
Паўстання валасам агністым
расці на галаве радзімы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Касцюшкіны ўніверсітэты - Алесь Мацулевіч