Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адкуль ты, брат?

Адкуль ты, брат?
Скажы мне, дзе у весну
Любiў ты слухаць галасы зязюль
I салаў’я пранiклiвую песню?
А я адсюль, браток, а я адсюль

Адсюль, дзе Грыўда цiхай ручаiнай
Ў абдымкi Шчары-матухны плыве
Дзе глог у парку шлюб бярэ з шыпшынай
I кветак снег губляе у траве

Дзе летам спека, а зiмою сцюжа
Дзе век жывi – жывi, не памiрай
Дзе больш за дзвесце год таму Касцюшка
Прыйшоў на свет, каб наш уславiць край

Дзе шлях пралёг з Масквы i да Варшавы
Па iм хто толькi мiма не прайшоў
Дзе з сябрам я трохкутны штык iржавы
Аб штось зламаны некалi знайшоў…

Адкуль ты, брат?
Я бачу, што не згэтуль
Хутчэй за ўсё, прыехаў ты здалёк…
А я штыком зламаным
Ў глебу гэту
У цяжкi час без роздуму бы лёг

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Адкуль ты, брат? - Уладзімер Гардзейка