Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як Цімох абедаў

Ох! Ох! Ох!
Натаміўся
Наш Цімох.

Ох і натаміўся!
Ох і нарабіўся!

Што рабіў ён,
Хочаш ведаць?
Слухай:
Сеў Цімох
Абедаць.

З’еў увесь спачатку
Боршч:
Міскі тры,
А мо і больш.

Потым з’еў
Талерку кашы.
Потым выпіў
Прастаквашы.

Праглынуў
Адну катлетку
З’еў талерку
Вінегрэту.

А затым яшчэ
У рот
Ён адправіў
Бутэрброд.

Ну, а потым?
Ну а потым
Ён запіў усё
Кампотам.

Мама кажа:
“Ты, Цімошка,
Адпачні крыху
На ложку.

Адпачні,
Мая малютка,
Ды вячэраць
Будзем хутка”.

Рады наш Цімох
Паспаць.
Ды не можа ён
Устаць!

Натаміўся
За ядою,
Што не справіцца
З сабою.

Зварухнуцца нават
Цяжка.
Уздыхае
Брацік Сашка:

– Трэба нам цяпер,
Відаць,
Кран пад’ёмны
Выклікаць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 3,67 out of 5)

Верш Як Цімох абедаў - Алесь Бадак