Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш ДА РОДНАЕ ВЁСКі

Мне сцежкі гэтыя знаёмы,
Не першы раз па іх іду –
Праз засені лясных харомаў
Да вёскі роднае вядуць.

Усмешкай залатою тоне
Апошні сонечны прамень,
Плыве ў духмянае сутонне
Спакойны вераснёвы дзень.

Шырока грудзі раскрываю
і п’ю азонавы настой.
Зусім на стому забываю.
На сэрцы ж – хмельны супакой.

Павольна крочу, разглядаю
Сасонак стройныя рады,
Што, як калоны, уздымаюць
Зялёна-сіні дах, як дым.

А ў памяць выплыла паляна,
Пясочак белы і пусты –
Калісь жылі тут Палуяны
і мелі горкі хлеб браты.

Яны пакінулі тут гора
Яшчэ ў трыццатыя гады.
З тых дат мінула больш за сорак –
Шуміць сасоннік малады.

Сцяжына збочвае направа.
Прастую на Амелькаў мох,
Яго прарэзала канава –
Цяпер зусім ён перасох.

Гусцее мрок, садзіцца вечар
і больш святлее мой настрой,
Бо вёска блізіцца й сустрэча
З сваімі блізкімі й сятрой.
1978

Верш ДА РОДНАЕ ВЁСКі