Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Я напісала б табе

Я напісала б табе ўсе пралескі ўвесну,
Вывела б сонца ў нябёсах нясталай рукой,
І па суметах сняжынкам бы я балесна
Дзеля цябе вымалёўвала неспакой.
Я б напісала стосы з травой пажоўклай,
Лёгкі духмяны вянок на твае валасы,
Вербу з пухнатай прыгнутай крыху галоўкай,
Пошчак птушыны ды слуцкія паясы.
Я напісала б крыніцы і навальніцы,
Водар чаромхі, гронку арабін, бэз.
Усё, што пасля малітвы нам будзе сніцца,
Колкі бурштынавы і залаты агрэст.
І журавіны ў першае ліставеі,
На золкім золку світання як ззяе шаль,
Як у марозы чырвоны вагніска грэе,
Зёлкі гарбаты як пахнуць летам амаль.
Я напісала б табе Раство і Вялікдзень,
Пух тапаліны з дзіцячых тваіх алей.
Як хрыбусцяць старонкі, як ззяюць зарніцы,
Як ад усмешкі становіцца весялей.
Я напісала б табе на вакне карункі,
Поплаў, дзе купкі красак, мноства буслоў.
Жыта на скрыпцы зямной нацягнула б стрункі,
Я бы пісала, колькі ставала б слоў.
А не хапіла – выдумвала б іх па ходзе,
Душу пускала б коньмі ў святы мурог…
Усё бы пісала, што ты б для мяне знаходзіў,
Каб не паспеў напісаць усё гэта Бог.

Верш Я напісала б табе