Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дулі на вярбе



(Пародыя на Уладзіміра Корбана)

Ў калгасным полі, пад прышчэпленай вярбой,
Якая над вадою голле распусціла,
Адна дзяўчына лынды біла…
А што ж рабіць было ёй тут адной?
А на вярбе, між іншым, спелі дулі!
Яны дзяўчыны ўвагу хутка прыцягнулі…
Ды як жа дулі гэныя дастаць?
Хаця яны навідавоку,
Але вісяць не нізка, а высока!
Дзяўчына села, пачала чакаць:
Мажліва, ёй і пашанцуе –
I дуля спелая сама ў рот упадзе…
Як тут Цярэх каня паіць вядзе,
I ў дзеўкі ён пытае:
– Паласавацца дулямі жадаеш?..
– Так-так, Цярэшачка, мой галубок,
Ускоч на дрэва, сарві мне дуль з пяток…
– Бач ты, паненка, ка-ра-ле-ва!
А трасцы ў бок!
Сама ты ўзлезь на вербу, патрасі –
Вось дуль і пад’ясі!
Ці чула?
А седзячы, як пень, з’ясі ты скулу!

Цярэх – хамула і лапух
I не тыповая ў наш час фігура…
Разгорнем барацьбу за масавую фізкультуру,
Каб кожны лазіў на вярбу!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дулі на вярбе - Эдуард Валасевіч