Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Паэма да святога іаана Кармянскага. 4. Малітва

Госпадзе,
дай маліцца
за родных у гэтым свеце.
Зёлцы –
долу хіліцца,
Дрэву –
заломваць вецце.

Подыхам Твайго Духу,
Словам або маўчаннем
Кожным імгненнем, рухам –
Абарані ад адчаю,
Бедаў, нягодаў, спакусаў
Верных Табе
і грэшных –
Усіх,
хто на Беларусі ёсць –
і апошніх,
і першых.

…Чыстыя немаўляты
Спяць у жаночых улоннях.
Ірады – мама з татам.
Божа! Хто абароніць?
Тонкія ніці жыццяў
‘Шчэ ў Тваёй далоні…

…Спеюць зернейкі ў жыце
На каласох зялёных.
Лісце –
спякотнаму сонцу,
Корань –
атрутнае глебе.
Сокі –
вадзе смяротнай…
“Дай нам штодзённага хлеба!..
Хопіць, маўляў, палохаць
Душы, парослыя цернем!..”

…Цень ад Крыжа Гасподняга
Зліўся з Чарнобыльскім ценем…

Верш Паэма да святога іаана Кармянскага. 4. Малітва - Ангеліна Дабравольская