Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Там, дзе спеюць туманы



Там, дзе спеюць туманы.
За далёкай вярстой,
Ў садзе цёткі Ліксаны
Густа б’е лістабой.

Ў садзе цёткі Ліксаны
Ветры спаць прыляглі.
Яблык спелы, крамяны
Пачарнеў на зямлі.

Больш ніхто тут не вохкне,
He збярэ навіну,
I заб’юць сёння вокны,
Як учора – труну!

Уздыхаюць суседзі,
Што крыху падпілі:
– Каб былі ў яе дзеці…
– Ах, каб дзеці былі!

– Ўсё чакала Усціна,
Ды чакала дарма…
– Дзетак бусел не скінуў.
I ў капусце няма.

…Там, дзе спеюць туманы,
За далёкай вярстой,
Ў садзе цёткі Ліксаны
Густа б’е лістабой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Там, дзе спеюць туманы - Алесь Пісьмянкоў