Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ты аддаляешся, ты аддаляешся



Ты аддаляешся, ты аддаляешся,
Ад пацалункаў маіх вызваляешся,

Ад непатрэбнай нікому маны,
Ад недарэчнай уласнай віны.

Хто мы? Чужыя адно аднаму,
Гэтак даўно, што не важна – чаму.

Гэтак даўно, што не важна – калі.
Некалі мы ўжо такімі былі.

Можна, як некалі, вечарам зноў
З працы, з гасцей не спяшацца дамоў.

Зноў можна думаць пра іншых жанчын.
Можна не думаць зусім ні аб чым.

Многае вольнаму можна цяпер –
Тое, што можна было да цябе.

Ты аддаляешся, ты аддаляешся
I за нябачную рысу вяртаешся,

Нібы на старце дачасна сарвалася.
Ты паспяшалася, ты паспяшалася.

Можаш прымусіць сябе не вітацца,
Не заўважаць мяне і пастарацца

Выкінуць заўтра мяне з галавы.
Толькі не зможаш – звяртацца на “вы”.

Ёсць у душы нашай межы – ніколі
Двойчы іх нам не пераадолець.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ты аддаляешся, ты аддаляешся - Алесь Бадак