Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прырода давярае чалавеку

Здаецца, пасвятлела у бары,
Пабагацелі тоні, азярыны.
I нават асцярожныя бабры
Валтузяцца спакойна на плаціне.

Над лугам росным зведзены кругі –
Знаходзяць качкі завадзь лугавую,
Ніжэюць недаверу берагі –
Дамоўленасць разумная пануе.

I гэтаму яднанню, дабраце
Накукавалі шмат вякоў зязюлі.
Гняздзечка грэе пташка у кусце,
Зубры на поплаў выгналі касуляў.

Чысцеюць плёсы возера, ракі,
Спакоем, цішынёй прырода дыша.
На чыстай гладзі плаваюць чыркі,
He ломяць крыллем спуджаную цішу.

Спяваюць птушкі, не баіцца звер,
Як бы не чулі выстралаў спрадвеку.
Забыўшыся на страх і недавер,
Прырода давярае чалавеку.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 4,50 out of 5)

Верш Прырода давярае чалавеку - Юрась Свiрка