Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мама ведала ўсё

Мама ведала ўсё:
I як жыць, і як ткаць,
Як цярпліва дзяцей
Чарадой гадаваць.

Мама ведала ўсё:
Лекі траў,
Лекі слоў,
He збівалася ў часе
Прылёту буслоў.

Мама ведала ўсё:
Па туману,
Па шэпту бяроз
Вызначала пагоду –
I дождж, і мароз.

Мама ведала ўсё:
Калі ніву араць
I на пожню ісці,
He канчала яна акадэмій,
Усё набылося ў жыцці.

Мама ведала ўсё:
Дзе маўчаць,
А дзе – голас падаць.
Таямніцу матуліну
Мне б разгадаць.

Мама ведала ўсё:
Нават тую сасонку
(О, жах!),
Пад якой на пагосце
Ёй вечна ляжаць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мама ведала ўсё - Юрась Свiрка