Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гіпнатычны ўспамін

Ашчаслівіла ноч успамінам:
Апынуўся я ў нашай вясне,
I сказала з усмешкай ты мне:
– Што глядзіш на мяне гэтак дзіўна?

А над вёскаю – месяц і зоркі!
Мы па вуліцы ціхай пайшлі,
I адны мы былі на зямлі
Між дрымотных, нямых панадворкаў.

– Што глядзіш на мяне гэтак дзіўна?
Усміхнуўся, нясмела абняў:
– Я хачу паглядзець на наш стаў,
Пойдзем сходзім да панскага млына.

– Мы не зможам… Не зможам! Не зможам!
У мінулым і млын, і наш стаў!
… I твой вобраз раптоўна прапаў.
Недарэчна. Балюча. Трывожна.


Верш Гіпнатычны ўспамін - Янусь Малец