Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Запела вясна сваю песню

I шумам задумнага лесу,
I шчэбетам птушак шчаслівых
Запела вясна сваю песню,
Запела на збуджаных нівах.

Выходзіць сялянін на поле,
Зямлю уздымае сахою…
О, колькі той веры, надзеі!
О, колькі святога спакою!

Вачыма расістымі водзіць
Па скропленым потам надзеле;
За думкаю думка снуецца,
Як нітка за ніткай з кудзелі.

Хоць буры і сцюжы гулялі,
Хоць мор сабіраў сваё жніва, –
Жыве ён, як жыў тут спрадвеку,
Жыве яго хатка і ніва.

Вось дрэмле курган на узмежку,
Ігруша шуміць на кургане, –
Расказвае былі былыя,
Мінуўшаму шэпча літанне.

А жаўранак звоніць над грушай,
Свой кліч селяніну свяргоча:
– Смялей, беларусе-араты!
Смялей уздымай к сонцу вочы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Запела вясна сваю песню - Янка Купала