Верш На магілах герояў
Ускрай старых магіл, дзе хвоі
Угору вынеслі шатры,
Знайшлі прыпынак і героі,
Святой зямлі багатыры.
Стаіць у рад, з армейскай зоркай,
Шарэнга стромкіх пірамід.
Жанчына пройдзе, ўздыхне горка
I кіне вочы на іх шчыт.
Пісалі рукі чыесь шчыра:
Хто, дзе загінуў і калі,
Партрэт байца і камандзіра
На памяць людзям прыняслі.
За агарожай на магілах
Ляжаць вянкі з раслін жывых.
Гурток дзяцей, сіротак мілых,
Так дбала ходзіць каля іх.
Яны – ахвяра злобы лютай,
Спазналі жах і боль вайны.
Адбітак цяжкае пакуты
Паклаў ім след свой патайны.
Цяпер мінулі іх напасці,
Яны пазналі ласку зноў:
Вярнула радасць ім і шчасце
Пралітая байцамі кроў.
I так хвалююць, цешаць вока
Стараннасць дзетак, дбаласць іх
Аб тых, што ў Прусіі далёка
Злажылі голавы за іх.
I не забыць хвіліны гэтай,
I вас мне, дзеці, не забыць.
Прымеце ж дзякуй ад паэта
За ваша сэрца – так любіць.
Гадуйцеся ж вы племем дужым
Пад родным матчыным святлом:
Не прыйдзе больш забойца вужам
I не разбурыць ён ваш дом.