Верш Да 10-й гадавіны БССР
Быў час – стаіўшыся знямела
Між пустак, пушчаў і балот,
Ты ў занядбанні быў, народ,
Твая зямля імя не мела,
Арлы клявалі тваё цела,
Кружыўся погані тут злёт.
Хаўрус паноў, ксяндзоў хлуслівы
Снаваў тут кросны павуцця
Ды зводзіў з ісціны-пуця,
I дар суліў табе ілжывы
Пад вэксаль жульніцкі, фальшывы,
I не даваў табе жыцця.
I ксёндз і поп доўгавалосы
Не раз узважвалі твой лёс,
А ты ярмо сваё ўсё нёс,
Хадзіў расхлістаны і босы,
Прыбіты, цёмны, безгалосы –
У людской сям’і прыблудай рос.
I ты хоць меў сваё аблічча,
Ды быў слуга ў сваім краю,
I мову родную тваю
Не йначай звалі, як мужычай,
I скарб твой лепшы – слова, звычай
На здзек давалі халую.
Ды час прабіў. Дыхнула бура,
Пранёсся ўвосень грозны шквал,
Усё дачыста змёў перавал,
Не ўседзеў цар ў сваіх мурах;
Як прусакі ў шпарах, пячурах,
Схаваўся ксёндз і поп-капрал.
Паны разбегліся, як мышы,
Каб зноў зашыцца дзе пад шчыт…
Плыві на Віслу, панскі плыт!
Няхай нянавісцю пан чмыша –
Працоўны сам закон тут піша
I сам свой ладзіць дабрабыт.
Былы нявольнік і падданы,
Ты вольным стаў, наш край, цяпер,
К жыццю Кастрычнікам прызваны.
Жыві ж, красуй, БССР!