Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэзіі

Лямпы святло разганяе трывожныя змрокі,
Аркуш паперы ляжыць на пісьмовым стале.
Так уначы абудзіла гуканнем далёкім
І падхапіла на крылах Натхненне мяне.
Б’ецца завея ў акно з незвычайным імпэтам,
Цемра глухая даўно праглынула двары…
Я тваім светам, Паэзія, зноўку сагрэта
Праз доўгі час расставання – нямыя гады.
Я не забыла… Трымаю асадку з пяшчотай,
Словы сплятаюцца ў музыку гожых радкоў,
Вершы ў душы нараджаюцца гэтак жа лёгка,
Як не было тых пяці палусонных гадоў.
Хоць неўзабаве нябёсы асвецяцца ранкам,
Усё ж не спяшаюся лямпы святло пагашаць.
Мне б у табе растварыцца, Паэзія, цалкам,
Мне бы ў вершах пра ўсё на зямлі напісаць!..
…У думках прыгожых, пад спевы ліхой завірухі
Я засынаю за гэтым пісьмовым сталом,
І ў прыемных і чыстых натхнення пакутах
Я адчуваю бязмежнае шчасце сваё.
Ну дык да заўтра, сяброўка мая дарагая!
Больш я ніколі табе не скажу: “Выбачай!”
У сны да мяне завітай трапяткімі радкамі…
Толькі прыходзь, калі ласка.
Бывай.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паэзіі - Вольга Нікіценка