Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ліліт

Не Ева – Ліліт была першай
Жанчынай і жонкай Адама.
Яна для каханага вершы
І нават паэмы складала.

А вечарам, як стамляўся
Жвавы агонь у пячоры,
Доўга, бывала, не ляжа –
Глядзіць і глядзіць на зоры.

І што зусім абурала
Адама, адзінага сведку, –
На свежых гаршках малявала
Агністыя райскія кветкі.

“Навошта табе кветкі тыя?
Ад кветак гаршкі не мацнеюць!”
Адкіне кудзеркі густыя:
“А людзі ад іх разумнеюць!”

Быў першы развод не гучны…
Бог шкадаваў мужчыну:
Сам ляпіў, як падручны,
З ягоных рэбраў жанчыну.

Ева была пакорай –
У простых гаршках варыла,
Дзяцей гадавала, пра зоры
Ніколі не гаварыла.

А толькі Адам начамі
Хадзіў блукаць у тых далях,
Дзе песні Ліліт гучалі,
Гойдаўся човен на хвалях.

Па сёння яму ўсё сніцца
То росны слядок, то спевы.
Па сёння Адам мітусіцца
Паміж Ліліт і Евай…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ліліт - Вольга Іпатава