Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не называю гэта сном

Не называю гэта сном –
Ты ёсць, ты побач, ты рэальны,
Але як быццам бы пад шклом:
І блізкі і недасягальны.
Праз шкло празрыстае лаўлю
Тваіх вачэй разумных позірк,
Чакаю: вымавіш “люблю” –
Халодны адчуваю дотык.
Дыхання кропелькі на шкле,
А вусны – блізка і далёка.
Разбіў бы тое шкло, але
Неасцярожным быць няёмка.
Нам на адной планеце жыць,
Сустрэчам радавацца шчыра;
І толькі лёсаў не змяніць
Ніколі, мілы.
Дай Бог нам бачыцца часцей,
Дай Бог умела прытварацца
Сярод тваіх, маіх гасцей,
Каб не сказаць, каб не прызнацца…
Мой паралельны тонкі свет,
Мая цудоўная вяршыня,
Мой непрыдуманы сюжэт.
Чаму не я ў ім гераіня?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Не называю гэта сном - Вольга Грыдзюшка