Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чорна-белы верш

..тых, хто замахваўся на тыранаў ці аўтарытарных лідэраў,
далёка ня ўсе – і справядліва – лічылі героямі,
бо прапаганда зла не пакідае выбару,
як і любая зброя.

Вядома, зло не адносіць сябе да зла,
але з думак пра мэты, сродкі, іх спалучэньні марныя
вынікае старое: злу пастаянна трэба знаходзіць казла
ахвярнага,

Злом абвяшчаць яго і яму ствараць перашкоды,
зломваць, тлумачыць сьвет, як сьляпому.
дабру ўсе гэтыя гульні зь перацягваньнем коўдры
весьці бяз понту,

Бо дабро робіцца злом пасьля перамогі над злом
аўтаматычна; параза дабра – перамога.
а праўда – гэта сумленьне, сьцягнутае вузлом
на шыі нямога.

Праўда – тое, чым лупяць па твары, нібыта анучай.
праўда – рэклямны тавар, які надакучвае.

Праўда – наіўная і патасная, са зьменлівай інтанацыяй.
праўда – зацюканая аднаклясьніца з прагаю падабацца.

І пакуль зло карыстае праўду, а дабро карыстаецца
праўдай, ёй не выпадае шанцаў на лідэрства,
праўда – твая паўсьляпая настаўніца,
што зрэдку бярэ рэпетытарства

І падцягвае па прадмеце тых, каму не хапае спрыту,
да выпускнога іспыту.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чорна-белы верш - Віталь Рыжкоў