Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯЗЭПА ДЫЛЫ

(14.04.1880-07.04.1937)

Ад родных слоў, ад родных ветлых хатаў,
За тое, што ты любіш родны край,
Завезлі, як ваўка, цябе ў Саратаў,
Дзе жыць-жыві, не хочаш-памірай
Без тых палёў, дзе каласіцца жыта
І васількамі плача аб былым,
Якое, нібы дзень адзін, пражыта,
Але не знікла, як знікае дым,
А з намі засталося валунамі
Ад замкаў, што разбураны былі,
І засталося ўмшэлымі крыжамі
На могілках, што лесам параслі,
Дзе пойдзеш і заблудзішся надоўга,
Нібы ў стагоддзях, у якіх наш край
Бярэ пачатак у крыві Міндоўга
І тых людзей, што марылі пра рай
На роднае зямлі для ўсіх тутэйшых
І для цябе хоць ад радзімы ты
Давлёка будзеш жыць і сніць аб лепшым
І светлым часе, хоць не залатым,
Для родных ніў, для родных ветлых хатаў,
Дзе Беларусь жыла і будзе жыць
Назлосць усім сусветным супастатам,
Так, як Святло жыве ў святым крыжы.

29.03.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЯЗЭПА ДЫЛЫ - Віктар Шніп