Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ВЕРАНІЦЫНА

(1(13).06.1834-1904(?))

Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі,
Дзе чорныя вошы і белыя гусі,
Дзе наша адвечнае слова “любоў”
Не толькі са словам рыфмуецца “кроў”,
А нашай зямлі дае колер чырвоны
У полі бялюткім, дзе кружаць вароны
Па-над інсургентамі, што паляглі
За волю і славу радзімай зямлі,
Якую ты любіш за песні жальбы,
Якія спявае народ несляпы.

У Віцебску сумна табе не бывае,
Таму з Пецярбурга сюды ты ўцякаеш
Пад родныя шаты, буслова крыло,
Дзе ў сэрца ўрастае цяпло і святло,
Якія пасля ператворацца ў вершы.
І ў лепшую долю Айчыны ты верыш,
Бо з вераю моцныя мы і ў нас вера
Заўсёды ў душы, як пад лавай сякера,
Пад небам, якое, бы вочы дзядоў,
Лагоднае, грознае, дзе век любоў
Спакойна жыве, але ўсё-ткі, бывае,
Маланкай, як востраю шабляй, шугае
І ўсю Беларусь для цябе асвятляе,
Дзе наш не сумуе Тарас на Парнасе
І нашая мова жыве, не зжылася…

5.11.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ВЕРАНІЦЫНА - Віктар Шніп