Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Родны мой краю

I страт перажыў і пагарды сцярпеў –
He ўмесцяць Дняпро і Нарач.
Пад бокам – нібыта гісторыі спеў –
Рыпелі турэмныя нары.

To з роднай сялібы нядоля вяла,
To гналі ў Сібір па этапу.
Аб тым, што ты вораг, на ўзлёце крыла
Кляймо выбівалі сатрапы.

На дзюрку апошнюю ты паяснік
Падцягваў вясною нішчымнай.
А над галавою – дзяржаўнай хлусні
Выбухвалі бурбалкі чынна.

I сын табе ў вочы не раз чужаком
Глядзеў і прылюдна цураўся,
А ты праклясці мог толькі маўчком,
Бо мову язык забываўся.

Як толькі на ніве тваёй каласком
Вякоў выспявала надзея,
На ўздыме, каб шлях ты адольваў паўзком,
Стралялі ў спіну дабрадзеі…

Ды з пылу і тла ты ўзнімаўся ізноў
I дню непражытаму верыў.
I сцежку крывавую пасмы дажджоў
Змывалі на досвітку шэрым.

З душою наросцеж, хапком, напавер
Ты ўзводзіў вышынную хату;
На шыі з пятлёй трыццаць сёмы паверх
Вісеў над падмуркам трыццатым.

“Дзе вашы магілы, бацькі і дзяды?” –
У жвір, як у памяць, – лапата:
Дарог абарваных шукаюць сляды
Нашчадкі твае ў Курапатах.

Няўмольна твой лёс паўтарае віткі,
Ды вочы твае з надзеяй
З-пад хлебаробскай мазольнай рукі
Насустрач сынам паглядзелі.

Ты жыцьмеш, мой краю: на ўсе паляглі
Пад сосны – хто ў крамным, хто ў зрэбным…
Ты выжыць павінен, бо з гэткай зямлі
Ўзнімаюцца зоркі на неба.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Родны мой краю - Васіль Зуёнак