Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Краю мой

Краю мой родны, краю мой мілы,
цудны, узорны, ад ніў залаты,
хто цябе ўквеціў пушыстай калінай,
краскамі, лесам засеяў густым?

Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці,
быстрыя рэкі, прасторы азёр, –
нехта рассыпаў вялікім багаццем
вечныя скарбы ў цудоўны узор.

Калі табе золатам сонца разлітым
магутныя грудзі асыпле кругом,
а неба атуліць туманам-блакітам,
быццам анёлак празорым крылом,

І вецер бяроз тваіх косы даўгія
расчэша, рассыпле па белых камлёх,
а грушы-красуні страсе снегавыя,
цвет белы пасее на зелень палёў,

А буйныя травы нагне, то падыме,
зазвоніць аб лісце задуманых дрэў,
акордамі ўдарыць, як май, маладымі,
пад Нёмна вясною бурлівы напеў, –

Дык радасцю, шчасцем душа замірае
і хочацца сэрцам, рукамі абняць,
свой край наймілейшы, аквечаны маем,
дзе краскі, дзе Нёмана хвалі звіняць.

Дзе птушка у неба высокім палётам
вабіць да сонца ў блакіты з сабой,
ўзыходзіць, мацнее з сялянскага поту
зярнё, вырастае ў калоссе вясной.

Краю мой родны, краю мой мілы,
калыска дум ранніх, вясёлкавых дзён,
краю дзядоўскіх курганных магілаў, –
ты сэрцу так мілы, як міла жыццё.

Сніцца ты будзеш і клікаць з чужыны,
да сёлаў сваіх і да хаты старой,
пахучых палеткаў буйной канюшыны
і песняў дзявоччых, спавітых тугой.

Чало плуг жыцця, можа, ў боразны зрэжа,
Мо, голаву іней пакрые гадоў, –
у сэрцы ж не звянуць зялёныя межы,
туга не аслабне да родных кутоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Краю мой - Ларыса Геніюш