Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш О, Край мой родны!

О, край мой родны! Куды я ні гляну,
Дзе лёс мой дзіўны мяне ні закіне,
Што-колеч думкай сваёй ні закрану:
Са мной ты ўсюды у кожнай гадзіне.

Мо гэта маці так зачаравала
Сваёю песняй над ложам дзяціны,
А мо зязюля так накукавала,
А мо чар гэта мілае дзяўчыны…

Я знаў дзяўчынку з вёскі неўдалёчкі:
Яна мне казкі любіла казаці,
А мела слёзьмі залітыя вочкі,
вочкі, што трэба небу прыраўняці.

Умёрла з гора: з голаду вайною,
І так жа сумна прад сконам глядзела,
Як застывала мёртвай цішынёю,
Што маё сэрца жалем скамянела.

Над самым ранам, як будзіцца сонца,
Яна ўздыхнула глыбока-таёмна,
і, азірнуўшы слабы свет з аконца,
“Жаль мне зямліцы”, – сказала прытомна.

І на падушку слязінка упала,
Касулька сонца тварок асвяціла:
Так безнадзейна Мальвіся канала,
Сонца ж на грудках крыжык залаціла!

А слова жальбы скалыхнула грудзі
Чарам магутным, болем і трывогай:
і расхадзіліся, плачучы, людзі,
Шэпчучы скаргу нямую да Бога.

Адзін раз бурай жыцця скалачоны,
У безнадзеі на лепшыя змены,
Быў я пры смерці, палам знемажоны
Я зваў пагібель голасам пламенным.

Тады здалося мне, як бы наяве,
Прыйшла Мальвіся ў беленькай хустцы,
З пальцам на вуснах, у сумнай паставе,
Крыжык на грудках на чырвонай стужцы.

Так праз хвіліну нада мной стаяла,
Жаласным вокам агарнула ложа,
Мяне ж жудоснасць тады агартала,
Голасам зычным крыкнуў я: “О Божа!”

Мальвіся ціха сціснула мне голаў,
Чало мне з плачам раз пацалавала:
“Хоць безнадзейны, хоць бедны, хоць кволы,
Так, як народ наш, – ціхутка казала. –

Не траць надзеі нідзе і ніколі.
Працуй, чым можаш, каб зменшыць бяздолле,
Бо я дазнала, што ў нашай злой долі
Скрыта дарога на лёс і прыволле…”

На крыж мне сумна яна паказала,
Слёзка зрасіла ёй твар мармуровы,
і, як аблочак, павольна знікала,
Мяне абняўшы чарам таей мовы.

Ад таго часу краіна нядолі,
Што Беларускай на свеце завецца:
Краіна гора, без долі, без волі –
У маіх думках заўсёды снуецца.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш О, Край мой родны! - Казімір Сваяк