Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ці метад памылак і спробаў?

Ці метад памылак і спробаў?
Ці мэта, каб край мой маўчаў? –
Над мовай, нібыта Чарнобыль,
Распята крыло крумкача…

Мне кажуць: “Прагрэсу поступ.
He ўздумай чыніць перашкод…”
I ўсё гэтак ясна і проста:
“Ад мовы адрокся народ”.

Адрокся? Калі і навошта?
He чуў я такога. I век
He ўчуць бы: якім гэта коштам
Душу прадае чалавек?

I як гэта з роднага ганку
Гнаць роднае слова ў каршэнь?
Як матчыну калыханку
Бяспамятна вырваць з вушэй?!

Каб стаў народ без’языкі,
Каб мову наводмаш адсеч,
Хто гэткі над ёю вялікі
Узняў гісторыі меч?

Я ведаю толькі прадаўцаў –
Іх зграя аб згубе крычыць.
Ды ў гэтай бязроднай даўцы
Зямля патаемна маўчыць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 3,67 out of 5)

Верш Ці метад памылак і спробаў? - Васіль Зуёнак