Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маім землякам

Нас віхуры гадоў параскідваць па свеце не здолелі,
І сцяжынкі маленства травою тут не параслі.
Хто сказаў, што нас мала, – не верце таму! – нас паболела,
І я рады вітаць вас на нашай Лагойскай зямлі –

Той зямлі, што не раз вынішчалася дымам, пажарамі,
Той пакутнай зямлі, што з нямогласці і забыцця
З непрыкутай, не знішчанай, не здратаванаю мараю
Неўпрыкмет паўставала, бы з попелу-тла, да жыцця.

За стагоддзі ліхія чаго толькі тут ні здаралася,
Ды адважна і мужна наш прашчур свой край бараніў.
І падасца міжволі, што сувязь часоў разарвалася б,
Калі б спадчыне здрадзіў сваёй я і род свой забыў.

Мы зямлі абавязаны гэтай
не проста прапіскаю –
Абавязаны мы нараджэннем сваім і жыццём,
Кожнай дробачкай шчасця, што ў сэрцы зіхотна паблісквае,
Кожным падараваным нам Боскаю ласкаю днём.

Перад памяццю продкаў наш доўг чалавечы не сплачаны…
Толькі ведаю: разам лягчэй сваю долю снаваць.
Дык дазвольце яшчэ раз, мае землякі, мовай матчынай
Вас ад шчырага сэрца у роднай старонцы вітаць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Маім землякам - Валеры Максімовіч