Верш Калумбы зямлі незнаёмай
Паэт лахмаціў валоссе кудлатае
І вяргаў можа чатыры гадзіны
Пра гром пасатаў, пра тропікаў шаты,
Пра бег драмадэраў ў барханах пустыні.
Воплескі столь узарвалі ў кватэры,
Ад захаплення салон задыхаўся…
Напэўна, Калумб, адкрыўшы Амерыку,
Лаўраў гэткіх не дачакаўся.
Чытаў ён доўга пра пальмы над стрэхамі,
Пра бойку матросаў у душным труме.
(Паэт, сапраўды, аднойчы праехаў
На кацеры з Поці аж да Сухумі.)
Паэту на кудлы з чаркай і хлебам
Крылатая апускалася слава.
Жанчыны пабеглі б за ім аж на неба,
Мужчыны галантна шапталі: “Брава”.
Калісьці былі “поэты печали”,
“Паэты-трыбуны”, паэты прарочыя”,
А зараз слова “паэт” азначае,
Часцей за ўсё, “улюбёнец жаночы”.
І ціхі сум местачковых баронаў
Гудзеў пад сурдынку ў пакоі людным:
“Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны!
А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!”
Я ведаў – яны ненавідзяць новае.
Нашто перад свіннямі сыпаць перлы?
І ўсё ж я ўстаў і абрушыўся словам
На гэту прыбраную зграю памерлых:
Вы сядзіцё тут ад лямпы сінія
І марыце пра піраміды над Нілам,
А што вы ведаеце пра краіну,
Ў якой вас маці на свет нарадзіла?
Яна вам нудная, шэрая, сумная.
Ясце яе бульбу, ясце яе сала,
А самі былі толькі ў мінскім ДУМе,
Ды чулі аднойчы імя Купалы.
Не бачыце света за ўласнай клумбай
У марах аб нейкім цудоўным раі.
Што вам да тых вялікіх Калумбаў,
Якія край ваш вам адкрываюць?
Пыляцца кнігі іхнія ў крамах,
Забыццю аддалі старыя карціны,
На вежах разбураных полацкіх храмаў
Шыльда: “Распівачна і на вынас”.
На ўсё адпіска. Музей? Пачакаем.
Збор вышывак. Некалі прымем меры.
Аддзел этнаграфіі? Як жа, ствараем.
Помнікі бураць. Праверым, праверым.
Што ім з таго, што за кнігу і слова
Народ сем стагоддзяў ставаў у стрэмя?!
Не любяць Радзімы, не любяць мовы.
Хлопы! Іваны без роду, без племені!
Што ж дзіўнага, адукаваныя дамы,
Што вы ў захапленні ад нейкіх пасатаў,
Хамы лічаць заўсёды “хамскім”
Матчыну песню і матчыну хату.
А я не пішу пра чужыя шыроты.
Я джунглі і ў нас адшукаць сумею.
Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай
Цікавей жыве за ўсе архідэі.
У дрэвах з мармуру – іх зваць бярозамі,
У вежах з карункавым іхнім уборам
Я добра бачу ўчарашнія слёзы
І сённяшні смех з барацьбою поруч.
Райскія птушкі (сіваваронкі)
Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы),
Ў краі нязнаемым (роднай старонцы)
Ў мімозы сядаюць ( у верас бязмежны).
Што мне да кінутых храмаў Мая,
Калі жывуць легенды ў народзе,
Калі на выспах глухіх адкрываю
Крокі мінуўшых тысячагоддзяў.
У нашай краіне ёсць буслы чорныя,
Бабры разумныя, як прэзідэнты,
І жораваў скокі на весніх азёрах.
Чуеце, гора-інтэлігенты?!
Мядзведзі лечацца травамі горкімі,
Шукаючы дзікі часнок на лузе,
Павук-серабранка ў гняздо пад чаротамі
Носіць паветра дзецям пад пузам.
А вы льяцё па чужому слёзы,
Забыўшы радзімы простыя кветкі,
І любіце вершы ёлупаў розных.
Вядома, свінню прыцягвае сметнік.
Маю Радзіму, маю зялёную
Забыць і ў разрад нецікавых сунуць?
Мала вам плюнуць у твары сонныя.
Чакайце! Яшчэ калі-небудзь плюнуць!
А я ў народ мой заўсёды веру,
І для яго як вопытны кормшчык,
Адкрыю найлепшую ў свеце Амерыку
(Вёску Амерыку, што пад Оршай).
10 лістапада 1956 г. Прысмерк.
Граюць канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Грыга