Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пэўна, мне даўно пара змірыцца

Пэўна, мне даўно пара змірыцца,
Але ж горыч у душы жыве.
Так яно – даўно ў руках сініца,
А у нябёсах сініх журавель.

Я не раз сініцу адпускала,
Ды яна нікуды не ляціць,
А таго, што маю, так замала,
Каб кахаць, смяяцца, проста жыць.

Адчуваю ўсё часцей міжволі,
Што пустой мне робіцца зямля.
Зноў са смуткам і душэўным болем
Я свайго чакаю жураўля.

Ён начамі доўгімі мне сніцца –
Да мяне спяшаецца-ляціць…
Не магу змірыцца я з сініцай,
I жураўку нельга прыручыць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Пэўна, мне даўно пара змірыцца - Тамара Барадзёнак